ВЕНЕРЫ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ,
група інфекц. хвароб чалавека, аб’яднаных пераважна паводле спосабу перадачы ўзбуджальніка палавым шляхам. Бываюць выпадкі і кантактна-быт. заражэння. Вядома каля 20 венерычных хвароб: СНІД, сіфіліс, ганарэя, герпес, трыхаманоз, шанкер мяккі, лімфагранулема венерычная, данаваноз, хламідыёз, мікаплазмоз і інш. Шляхі пашырэння, метады дыягностыкі і лячэння вывучае венералогія. Адна з асаблівасцей венерычнай паталогіі — хвалепадобны характар з перыядычнасцю 10—15 гадоў. За апошнія 50 гадоў зарэгістраваны 3 хвалі венерычнай захваральнасці (1946, 1979, 1989). У распаўсюджванні венерычных хвароб вялікая роля належыць сац.-гігіенічным фактарам: дэмаграфічны рух, сац.-эканам. прагрэс, фактары паводзін, правільнае палавое выхаванне, вял. колькасць выпадковых палавых сувязей, сац.-культ. змены, алкаголь і наркотыкі, самалячэнне, рост разводаў, наяўнасць груп павышанай рызыкі, прастытуцыя, палавая ненармальнасць, дыягнастычныя памылкі і інш. Прафілактыка венерычных хвароб падзяляецца на грамадскую і асабістую. Грамадская: актыўнае выяўленне, лячэнне і ўлік хворых, бясплатнае лячэнне хворых на сіфіліс, СНІД, абследаванне на сіфіліс цяжарных жанчын, работнікаў харч. прам-сці і дзіцячых устаноў і інш. З мэтай змяншэння небяспекі ад пашырэння венерычных хвароб заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за ўхіленне ад лячэння гэтых хвароб і заражэнне імі інш. асоб (арт. 113 КК). Асабістая: недапушчальнасць выпадковых палавых сувязей, выкарыстанне індывід. партатыўных прафілакт. сродкаў.
М.З.Ягоўдзік.
т. 4, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)